КУРС ЛЕКЦИЙ

Лекцыйныя заняткi № 5
Методыка вывучэння марфемнага складу слова і элементаў словаўтварэння

1. Значэнне вывучэння марфемнага складу слова ў пачатковых класах

2. Сістэма вывучэння марфемнага складу слова

3. Метады і прыёмы вывучэння марфемнага складу слова. Марфемны разбор слова


 

1. Значэнне вывучэння марфемнага складу слова ў пачатковых класах. Вывучэнне слова як аб’екта граматыкі немагчыма без разумення яго марфемнага складу. Значэнне працы над марфемным складам слоў заключаецца ў наступным:

1. Вучні авалодваюць адным з вядучых спосабаў раскрыцця лексічнага значэння слоў. Настаўнік павінен стварыць належныя ўмовы для ўсведамлення дзецьмі ўзаемасувязі, што існуе паміж лексічным значэннем слова і яго марфемным складам, і на гэтай аснове кіраваць удакладненнем слоўніка малодшых школьнікаў.

2. Нават элементарныя веды па словаўтварэнні важныя для разумення вучнямі асноўнай крыніцы папаўнення мовы новымі словамі. Назіранні за словаўтварэннем падводзяць да разумення заканамернасцяў развіцця мовы.

3. Усведамленне ролі марфем у слове, а таксама семантычнага значэння прыставак і суфіксаў спрыяе фарміраванню ў малодшых школьнікаў дакладнасці маўлення. Задача настаўніка – максімальна спрыяць не толькі разуменню вучнямі лексічнага значэння слова, але і свядомаму выкарыстанню ў кантэксце слоў з пэўнымі прыстаўкамі і суфіксамі.

4. Вывучэнне марфемнага складу слова мае надзвычай вялікае значэнне для фарміравання арфаграфічных навыкаў. Гэта абумоўлена тым, што адным з вядучых прынцыпаў беларускага правапісу з’яўляецца марфалагічны. Фарміраванне навыкаў правапісу кораня, прыставак, суфіксаў, канчаткаў (а яно вядзецца на тэарэтычнай аснове) патрабуе мэтанакіраванага выкарыстання фанетычных, словаўтваральных і граматычных ведаў.

5. Вывучэнне марфемнага складу слова дае вялікія магчымасці для развіцця разумовых здольнасцяў вучняў, для фарміравання ў іх спецыфічных разумовых аперацый, без якіх нельга авалодаць словам як моўнай адзінкай (напрыклад, умення абстрагаваць семантычнае значэнне кораня, прыстаўкі і суфікса ад лексічнага значэння слова, умення вылучаць у слове значымыя часткі, умення параўноўваць словы з мэтай устанаўлення іх семантыка-структурнай агульнасці ці адрознення).

Вывучэнне марфемнага складу слова павінна абапірацца на наступныя прыватнаметадычныя прынцыпы:

– структурна-словаўтваральны (прадугледжвае супастаўленне структуры слова і спосабу яго ўтварэння (туманны – туман, прышкольны – школьны – школа);

– лексіка-словаўтваральны (мае на ўвазе супастаўленне лексічнага значэння слова і словаўтваральнага значэння мадэлі (напрыклад, сасоннік – сасновы лес і ельнік, асіннік і г. д. – словы са значэннем лес, у якім растуць пароды дрэў, якія абазначаны коранем);

– матывацыйны (заключаецца ў вызначэнні структуры слова шляхам яго матывацыі (тлумачэння). Паводле гэтага прынцыпу будову вытворнага слова лепш вызначаць шляхам яго матывавання (прадказаць – наперад сказаць пра тое, што будзе, што павінна здарыцца – корань -каз-).

Задачы вывучэння тэмы «Склад слова» ў пачатковых класах:

– фарміраванне першапачатковых ведаў па марфеміцы;

– падрыхтоўка вучняў да разумення асаблівасцяў утварэння назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў;

– развіццё ўяўленняў пра ўзаемасувязь паміж лексічным значэннем слова і яго марфемным складам;

– выпрацоўка навыкаў правапісу марфем;

– развіццё разумовых здольнасцяў малодшых школьнiкаў.

Змест вывучэння тэмы ўключае ў сябе фарміраванне ў малодшых школьнiкаў комплексу ведаў і ўменняў:

– веды па марфеміцы: часткі слова (канчатак, корань, суфікс, прыстаўка, аснова), іх роля ў слове; прыметы аднакаранёвых слоў, адрозненне прыставак ад прыназоўнікаў;

– аналітыка-сінтэтычныя ўменні: аналіз і характарыстыка складу слоў выразнай будовы, падбор аднакаранёвых слоў;

– арфаграфічныя веды: засваенне правапісу парных звонкіх і глухіх зычных у корані слова, падвоеных зычных на стыку прыстаўкі і кораня, кораня і суфікса, прыставак аб-, ад-, над-, пад-, з-(с-), раз-/рас-, без-/бес-, уз-/ус-, апострафа ў словах з прыстаўкамі;

– арфаграфічныя ўменні: правільнае напісанне падвоеных зычных на стыку марфем, слоў з вывучанымі прыстаўкамі, з апострафам пасля прыставак, злітнае напісанне прыставак.

Працуючы над марфемным складам слова, нельга абмяжоўвацца выдзяленнем той ці іншай яго часткі. Паралельна з аналітычнай работай малодшыя школьнікі павінны сістэматычна праводзіць працу, звязаную са словаўтварэннем. Гэта, акрамя ўсяго, выклікае ў вучняў цікавасць, дае магчымасць зразумець сам працэс утварэння слоў, высветліць матывацыю.

Пры вывучэнні тэмы неабходна звяртаць увагу на словаўжыванне (выкарыстанне слова з той ці іншай прыстаўкай, суфіксам у залежнасці ад сэнсу).

2. Сістэма вывучэння марфемнага складу слова. Вылучаюць чатыры этапы вывучэння марфемнага складу слова:

1. Прапедэўтычныя назіранні за аднакаранёвымі словамі (1–2 класы).

2. Знаёмства з асаблівасцямі аднакаранёвых слоў і коранем слова; назіранні над аднатыпным напісаннем кораня ў аднакаранёвых словах (3 клас).

3. Вывучэнне спецыфікі і ролі ў мове прыставак і суфіксаў, канчатка; азнаямленне з сутнасцю марфалагічнага прынцыпу правапісу; фарміраванне навыку правапісу кораня і прыстаўкі (3 клас).

4. Знаёмства з асновай слова. Паглыбленне ведаў пра марфемны склад слова і элементы словаўтварэння ў сувязі з вывучэннем назоўніка, прыметніка і дзеяслова; фарміраванне навыкаў правапісу склонавых канчаткаў назоўнікаў, прыметнікаў і асабовых канчаткаў дзеясловаў (4 клас).

Вывучэнне канчатка і асновы. Цяжкасць засваення канчатка абумоўлена тым, што ён з’яўляецца знешнім сродкам выражэння граматычных значэнняў слоў. Не ведаючы граматычных значэнняў слова, вучні не могуць свядома засвоіць і функцыі канчатка.

Традыцыйна вывучэнне канчатка пачынаюць з раскрыцця дзвюх яго прымет: канчатак – зменная частка слова, якая служыць для сувязі слоў у сказе. Аснову вылучаюць як частку слова без канчатка.

Вывучэнне канчатка будуецца на матэрыяле сказаў і словазлучэнняў. Спачатку высвятляецца прымета зменлівасці канчатка. З тэксту выпісваюцца словазлучэнні з пытаннямі:

Расла (што?) сасна;

прылятаў (да чаго?) сасны;

гуляў (пад чым?) сасной.

Настаўнік акцэнтуе ўвагу на тым, што гэта не некалькі слоў, а адно слова. Вучні заўважаюць, што слова сасна змяняецца ў залежнасці ад таго слова, з якім яно звязана ў сказе, і абазначаюць зменную частку. Можна выкарыстаць адпаведную схему:

расла а

прылятаў да сасн ы

гуляў пад ой

Для раскрыцця сінтаксічнай функцыі канчатка найлепшы матэрыял – дэфармаваныя сказы ці набор слоў, з якіх трэба скласці сказ. Настаўнік пытае: “Ці гаворым мы так? Як змяніць словы, каб усё стала зразумелым?” Робіцца вывад: канчатак служыць для сувязі слоў у сказе. Веды пра канчатак будуць паглыбляцца ў сувязі з вывучэннем часцін мовы.

Акрамя названых вышэй, могуць выкарыстоўвацца наступныя практыкаванні:

– паставіць патанні да выдзеленых слоў;

– закончыць сказ, правільна ўжываючы слова;

– уставіць прапушчанае слова (словы для даведак дадзены ў Н. скл.).

Азнаямленне малодшых школьнікаў з роднаснымі словамі. Для работы неабходна браць словы, простыя па структуры і зразумелыя малодшым школьнікам: лес, сад, дом і інш.

Методыка працы можа быць наступнай.

1. Вучням прапаноўваецца звязны тэкст, дзе сустракаюцца адпаведныя рады слоў, напрыклад: грыб, грыбок, грыбнік, грыбны.

2. Пры чытанні звяртаецца ўвага на словы, што маюць агульную частку.

3. Высвятляецца лексічнае значэнне кожнага слова.

4 Звяртаецца ўвага на тое, што ўсе словы звязаны са словам грыб (маюць адносіны да слова грыб) і маюць агульную частку.

5. Разбіраюцца яшчэ 2–3 групы роднасных слоў.

6. Робяцца вывады і абагульненні.

7. Выконваюцца практыкаванні наступнага характару:

– дапаўненне рада аднакаранёвых слоў;

– знаходжанне аднакаранёвых слоў у тэксце;

– вычляненне з рада аднакаранёвых слоў лішняга (падобнага па гукавым афармленні, але з іншым коранем).

У гэты час важна, каб вучні маглі засвоіць максімальную колькасць слоў з кожным канкрэтным коранем.

Азнаямленне вучняў з коранем. Такое знаёмства можа адбывацца наступным чынам.

У прапанаваным звязным тэксце знаходзяцца словы, якія маюць адносіны да адной і той жа з’явы ці прадмета (роднасныя словы). Настаўнік прапануе назваць, а пасля падкрэсліць ці выдзеліць каляровай крэйдай агульную частку такіх слоў. Робяцца вывады: роднасныя словы маюць агульную частку; агульная частка роднасных слоў называецца коранем. Роднасныя словы яшчэ называюць аднакарэннымі, або аднакаранёвымі.

Практыкаванні і заданні могуць быць наступнымі:

– абазначыць корань у прапанаваных словах;

– падабраць да слова аднакарэнныя (гульня “Хто больш”);

– выпісаць з тэксту рады аднакаранёвых слоў;

– параўнанне сінанімічных і роднасных слоў; падобных па гучанні і роднасных слоў.

Вывучэнне кораня павінна быць цесна звязана з пытаннямі арфаграфіі (правапіс галосных і парных зычных у корані слова).

Вывучэнне прыставак. Ролю прыстаўкі лепш за ўсё паказаць на аднакарэнных дзеясловах прыставачнага ўтварэння. На першым часе бяруцца словы, якія складаюцца толькі з прыставак і каранёў: -вёз-, -нёс-, -бег- і г. д. З тэксту ў слупок выпісваюцца роднасныя словы – корань пад коранем. Настаўнік пытае, чаму гэтыя словы роднасныя. Дзеці абазначаюць корань і частку слова, якая стаіць перад коранем. Уводзіцца тэрмін “прыстаўка”. Яшчэ раз удакладняецца, што аднакарэнныя словы з рознымі прыстаўкамі маюць рознае значэнне. З дапамогай настаўніка фармулюецца правіла.

Яшчэ раз словаўтваральную ролю прыставак можна праілюстраваць на матэрыяле словазлучэнняў: нёс кветкі – ішоў з кветкамі; прынёс кветкі – даставіў, куды было трэба.

Заданні і практыкаванні могуць быць наступнымі:

– назваць прыстаўкі ў аднакарэнных словах;

– спісаць словы і абазначыць у іх прыстаўкі;

– падабраць да прапанаваных слоў аднакарэнныя з іншымі прыстаўкамі;

– падабраць словы з супрацьлеглым значэннем і інш.

Вывучэнне суфіксаў.Суфікс выконвае тую ж функцыю ў слове, што і прыстаўка, і супрацьпастаўляецца ёй па месцы ў слове. Настаўнік прапануе прачытаць пары слоў: дуб – дубок, слуп – слупок, сад – садок і інш. Вучні выдзяляюць у гэтых словах корань і канчатак. Яны заўважаюць невядомую частку слова паміж коранем і канчаткам. Настаўнік паведамляе, што гэта частка слова называецца суфіксам. Высвятляецца роля суфікса – названыя словы параўноўваюцца па значэнні. Для назірання можна прапанаваць запісаныя ў слупок словы:

грыб дуб

грыбок дубок

грыбнік дубочак

грыбочак дубняк

Дзеці выдзяляюць корань і канчаткі, адказваюць на пытанні: Якая частка слова паказвае, што ёсць маленькія і зусім маленькія грыбы? Якая частка слова дапамагае назваць чалавека, што збірае грыбы? і г. д.

Вучні яшчэ раз пераконваюцца, што суфікс служыць для ўтварэння слоў з новым значэннем.

Каб дзеці не блыталі суфікс з канчаткам, дастаткова змяніць словы з нулявым канчаткам так, каб пасля суфікса з’явіўся матэрыяльна выражаны канчатак.

Засвоіць ролю суфікса дапамагае работа з тэкстам казак, з прыказкамі (ваўчок, ваўчыска, ліска, лісічка, зайчанятка).

Суфіксы параўноўваюцца з прыстаўкай з мэтай знаходжання падабенства па іх словаўтваральнай ролі. Суфіксы параўноўваюцца з канчаткам для таго, каб вучні не блыталі гэтыя часткі слова. Параўнанне праводзіцца на аснове высвятлення словаўтваральнай ролі суфікса і формаўтваральнай ролі канчатка.

3. Метады і прыёмы вывучэння марфемнага складу слова. Марфемны разбор слова. Пры вывучэнні марфемнага складу слова ў пачатковых класах актыўна выкарыстоўваюцца такія метады працы, як паведамленне настаўніка, эўрыстычная гутарка, моўны аналіз (марфемны, частковы словаўтваральны), моўнае канструяванне (утварэнне слоў з прапанаваных марфем; складанне гнёздаў аднакаранёвых слоў; утварэнне формаў слоў), наглядныя метады, метад практыкаванняў.

Паведамленне настаўніка – адна з важных крынiц атрымання вучнямi ведаў пра значымыя часткі слова, першапачатковых уяўленняў пра элементы словаўтварэння. З улікам узроставых асаблівасцяў вучняў настаўнік паведамляе патрэбныя звесткі коратка, наглядна, пераважна ў выглядзе даведак, кароткіх тлумачэнняў пры марфемным аналізе.

Пры дапамозе эўрыстычнай гутаркі настаўнік, абапіраючыся на веды вучняў пра слова, яго значэнне, узаемасувязі паміж прадметамі і з’явамі навакольнага свету, падводзіць дзяцей да ведаў пра марфемную будову слова. Актывізуючыя пытанні прымушаюць вучняў параўноўваць, назіраць, рабіць вывады. Напрыклад, у працэсе знаёмства з аднакаранёвымі словамі вучням прапануецца прааналізаваць словы ў слупках (1 слупок: радасць, весялосць, уцеха; 2 слупок: радок, радыё, радасць; 3 слупок: радасць, радасны, радаваць) і адказаць на наступныя пытанні: Як называюцца словы першага слупка? (Сінонімы). Чаму? Што агульнае ў словах другога слупка? (Частка рад-.) Ці звязаны яны па значэнні? Што аб’ядноўвае словы трэцяга слупка? (а) Частка рад-, б) падабенства ў значэнні: усе маюць адносіны да пачуцця радасці, задавальнення.) Якім яшчэ словам можна дапоўніць трэці слупок? (Рады, парадаваць.) Запішыце трэці слупок слоў і дапоўніце яго словам рады. Аднолькавае ці рознае значэнне маюць запісаныя словы? (Рознае). Пры дапамозе эўрыстычнай гутаркі паглыбляюцца веды, актывізуецца мысленне, фарміруецца цікавасць да слова, развіваецца маўленне малодшых школьнiкаў.

Метад моўнага аналізу заключаецца ў тым, што вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вылучаюць у словах значымыя часткі (марфемы), назіраюць за іх значэннем, звяртаюць увагу на размяшчэнне марфем у слове, іх узаемазалежнасць, прасочваюць змяненне гукаў аднаго і таго ж кораня, заўважаюць розніцу ў вымаўленні і напісанні марфем, заканамернасці пабудовы аднаструктурных слоў. Пералічаныя ўменні фарміруюцца ў малодшых школьнiкаў не адразу, а па меры авалодання такімі прыёмамі працы, як аналіз і сінтэз, параўнанне і замена. Важнае значэнне мае праца са словаўтваральнымі ланцужкамі слоў, але яна павінна ўлічваць узровень ведаў і ўменняў вучняў.

Моўнае канструяванне прадугледжвае ўтварэнне аднакаранёвых слоў і тлумачэнне іх значэння, утварэнне слоў па ўзоры, падбор слоў да прапанаваных схем марфемнага саставу, утварэнне формаў слоў і вылучэнне ў іх канчаткаў.

Пры вывучэнні тэмы “Склад слова” выкарыстоўваецца славесная (для арганізацыі назіранняў над выкарыстаннем роднасных слоў, слоў з пэўнымі каранямі, суфіксамі ў тэкстах) i зрокавая нагляднасць (табліцы, схемы) (палягчае працэс моўнага аналізу і канструявання).

Сярод практыкаванняў найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца наступныя віды: размежаванне формаў слоў і аднакаранёвых слоў, групоўка слоў, лексіка-словаўтваральны аналіз тэксту, замена разгорнутага тлумачэння лексічнага значэння слова падборам роднаснага слова; складанне сказаў з аднакаранёвымі словамі розных часцін мовы; словаўтваральныя заданні; марфемны разбор слова.

Марфемны разбор – складаная разумовая аперацыя. Вызначэнне марфемнай будовы слова трэба пачынаць з канчатка. Калі аснова невытворная (тэрмін не даецца) – адразу называецца корань. У вытворнай аснове называюць па парадку корань, суфікс, прыстаўку.

Для марфемнага разбору трэба браць словы лексічна зразумелыя, фанетычна выразныя. Добра, калі карані будуць свабоднымі (суадносіцца з самастойнымі словамі) – сад, шум, воз, мароз, грыб, бег, зуб, дым і інш. Да такіх слоў лёгка далучаецца канчатак і суфікс. Падбор прыставак не абмяжоўваецца. Суфіксы патрабуюць асабліва строгага адбору. У пачатковых класах карысна практыкаваць марфемны аналіз слоў з суфіксамі -к-, -ік-, -ок-, -ык-, -ак-, -нік-, -н-, -ск-, -еньк-, -аньк-, -чык-, -ін-, -ын-, -аст-, -іст-, -ыст-.

Пра ўзровень усведамлення ролі той ці іншай марфемы вучнямі настаўнік можа меркаваць па наступных паказчыках:

– уменне самастойна выдзеліць марфему са слова;

– уменне самастойна падабраць слова пэўнага марфемнага складу;

– уменне растлумачыць функцыю марфемы ў слове;

– уменне правільна выкарыстоўваць у сказе словы з прыстаўкамі і суфіксамі.